МІ́НСКІ АЎТАВАКЗА́Л «МАСКО́ЎСКІ».

Пабудаваны ў 1999 у Мінску на рагу праспекта Скарыны і вул. Філімонава (арх. М.Навумаў, інж. Л.Валчэцкі, Ю.Рушаў, маст. афармленне У.Папсуева, В.Хацкевіча). Прызначаны для міжнар., міжгар. і мясц. перавозак. Важны горадабуд. акцэнт усх. часткі горада. Архітэктура комплексу заснавана на стварэнні шматузроўневай прасторы, удалым выкарыстанні рэльефу мясцовасці, лесвіц, пандусаў з мэтай выключэння перасячэнняў трансп. і людскіх патокаў. Комплекс уключае прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак, дзе размешчаны білетныя касы, залы чакання, гандл. ўстановы, гасцініца, адм. памяшканні. Кампазіцыйным цэнтрам аўтавакзала з’яўляецца адкрытая прастора атрыумнага тыпу з касавым вестыбюлем і прадпрыемствамі абслугоўвання ўнізе і адкрытымі галерэямі (вядуць на пероны) на 2-м паверсе. У аздабленні інтэр’ера выкарыстаны размалёўкі, скульптура, вітражы. Над пасадачнымі платформамі створаны падковападобны навес на вантавых канструкцыях. замацаваных на вежы (выш. 42 м), якая з’яўляецца вышыннай дамінантай комплексу і наваколля. У вырашэнні ўнутр. прасторы комплексу закладзены прынцып зрокавага аб’яднання ў адзінае цэлае інтэр’ераў будынка і экстэр’еру ўнутр. дворыка.

С.А.Сергачоў.

Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі».

т. 10, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)